Афрабеларус Андрусь Такінданг: калі жыў у вёсцы, размаўляў на трасянцы

 
5245
05 апреля 2013 в 11:25
Автор: Катерина Кузьмич. Фото: Аркадий Соболев
Автор: Катерина Кузьмич. Фото: Аркадий Соболев

Паводле перапісу насельніцтва за 2009 год 60% жыхароў краіны роднай мовай лічаць беларускую і толькі 23% (пераважна сельскае насельніцтва) размаўляюць на ёй. У сталіцы колькасць такіх людзей значна ніжэйшая — усяго 6%. Onliner.by сустрэўся з 30-гадовым мастаком, музыкам і тэлевядучым Андрусём Такіндангам, які ведае беларускую мову лепш за многіх беларусаў, нягледзячы на тое, што ў ім цячэ афрыканская кроў.

* * *

Я нарадзіўся ў Менску. Маці мая з Лепельшчыны, бацька з Чада. Яны пазнаёміліся ў Беларусі падчас вучобы ва ўніверсітэце. Тата — фізік, маці — філолаг.

У дзяцінстве я быў непаслухмяны, усё ламаў, руйнаваў, свавольнічаў. Калі мы жылі ў Маскве, бацька выклікаў таксі, браў мяне на рукі, мы ездзілі па горадзе, толькі тады я засынаў.

Быў адзін цікавы выпадак на сустрэчы з паслом у Маскве. Ён мне кажа: «Ой, які добры хлопчык», а ў гэты момант я схапіў яго за нос, моцна трымаў і не адпускаў. Бацькі не маглі аддзерці мяне ад яго.

На мяне шмат у чым паўплывала вёска, дзе дагэтуль жыве мая бабуля, — Чэрцы, што на Лепельшчыне. У пачатковую школу хадзіў там, праводзіў летнія вакацыі. У вёсцы мы хуліганілі: кідалі шыфер у вогнішча, петарды — у двары, рабілі самастрэлы і пугачы.

Калі быў малы, то загінаў мацюкі. Не ўвесь час, канешне, але звычка такая была, пакуль мяне ненавязліва не адвучылі.

Падчас вучобы ў мастацкім каледжы імя Ахрэмчыка (у народзе яго называюць «Парнат») мы адрываліся, радаваліся жыццю, мелі крылы за плячыма і адчувалі сябе паўбагамі, таму што не былі замучаныя ніякім жыццёвым досведам. Мы працавалі ў майстэрнях, слухалі музыку, насілі кеды, выцертыя джынсы, скураныя пінжакі і вязаныя швэдры. Восенню апраналі шэрыя палітоны і пад іх берцы. «Парнат» — гэта сумкі-планшэты, якія носяць паштальёны, міліцыянеры і аграномы, гэта дзяўчаты і хлопцы, якія фарбуюць валасы. Я не фарбаваў, але рабіў іракез ці штосьці выстрыгаў. «Парнат» — гэта велізарная свабода і самавыяўленне.

З самага ранку да позняга вечара мы шмат працавалі ў вялікай майстэрні з вялікімі вокнамі і драўлянай падлогай, а потым хаваліся ад вахцёраў і заставаліся ў будынку на ноч. Бралі піва і зноў працавалі ці адрываліся. Побач з намі быў парк Чалюскінцаў, часам мы туды хадзілі, там нас білі гопнікі і адбіралі грошы ці мы ім давалі адпор. «Парнат» — гэта паходы на рок-канцэрты без білетаў, газавыя балончыкі і нажы-матылькі. Калі б не было мастацтва, то гэта выглядала б звычайным бандытызмам, хуліганствам і марнатраўствам. Але існавала вялікая мастацкая праца, і гэта было галоўным, а праявы вольнасці прыкладаліся да яе.

У Акадэміі мастацтваў ёсць такі прынцып — каб зрабіць з цябе мастака, цябе мусяць перамяць, як цеста, а пасля з яго вылепіць штосьці. Ёсць людзі, якія лепяцца, ёсць тыя, каму ад гэтага цяжка, але яны церпяць, а ёсць такія, што ламаюцца. Я з тых, хто зламаўся. Чым больш я працаваў і маляваў, тым горш у мяне атрымлівалася. Я пачаў страчваць тое, што меў, і не мог узяць тое, чаму мяне вучылі.

Для мяне было трагедыяй, калі мяне выключылі з акадэміі. Адчуванне было як у піяніста, у якога адсохлі рукі. Тады з’явіліся думкі і жаданне працаваць кіроўцам тралейбуса, вартаўніком ці ахоўнікам, каб проста рабіць нейкую працу і ні пра што не думаць. Але ў мяне была музыка, яна мяне і выратавала. Пачаліся гастролі, горыч трошкі разбаўляўся радасцю жыцця музыканта. Так я перажыў лета і паступіў у «кулёк» на рэстаўратара.

Як ні дзіўна, стаў больш-менш адэкватным мастаком, калі мяне выгналі з акадэміі.

У гэтым годзе гурту «Рэха» будзе 10 гадоў. Мы маглі называцца «Чырвоныя маланкі» ці «Чорныя чарапы», у такім выпадку мы павінны былі б граць хэві-метал-рок. Або «Драўляныя жалеечкі» ці «Саламяныя лапці» — і мусілі б граць фолк-музыку. Паколькі мы граем не метал і не фальклор, то мы — «Рэха».

«Рэха» — па-расейску «эхо». Вытворныя ад слова «рэха» — рэхацца, рухацца; а па-польску гэта азначае займацца каханнем. Часам на канцэртах у Польшчы мы выкрыквалі «Рэхаемся з намі!», атрымліваўся каламбур.

На канцэрты «Рэха» ў вёсках прыходзілі жыхары з коцікамі, сабачкамі і конікамі — і гэта было вельмі крута, я не мог закрыць рот ад здзіўлення.

У 16—17 гадоў марыў сыграць з крутымі музыкамі таго часу: NRM, Вольскім, Вайцюшкевічам, «Троіцай».

Маці ў мяне беларускамоўная, гэта і тлумачыць, чаму я размаўляю на беларускай мове. Падчас вучобы ў «Парнаце» таксама панавала беларуская мова. Я пачаў гаварыць паступова, а калі жыў у вёсцы, то размаўляў на трасянцы. Насамрэч мяне раздражняюць пытанні пра беларускую мову.

Калі быў у Афрыцы, еднасць адчувалася, але я быў іншым. Мяне ўразіла, што дзеці там робяць усю хатнюю работу. З аднаго боку, за імі ніхто не глядзіць, а з другога — усе назіраюць і кожны можа зрабіць заўвагу. Старэйшыя дзеці гадуюць малодшых. Жанчыны даюць указанні па гаспадарцы, дзеці слухаюцца і робяць. Няма такога: «Ай, не хачу і не буду». Уразіла іерархічнасць: калі я выходзіў на вуліцу, то дзяўчына выносіла за мной лаву. Я ёй кажу: «Навошта ты гэта робіш?», а яна ў адказ: «Каб ты мог сесці».

У Чадзе моцныя сацыяльныя зносіны. Калі ў цябе ёсць праца, то ты выхоўваеш не толькі сваіх дзяцей, але і дзяцей сваіх сваякоў, якія менш паспяховыя ў жыцці. Там цяжка пражыць аднаму, таму адзін аднаму дапамагаюць.

Каханне заўсёды для мяне было цяжкім, як вайна, як атамная бомба. Зносіла мозг так, што я не ведаў, куды сябе падзець. Дзякуй Богу, што было няшчаснае каханне ў мінулым, інакш цяпер бы не знайшоў сапраўднае.

Пытанне, хто я ёсць, — гэта пытанне, наколькі я шчаслівы. Зараз я чалавек, які маленькімі крокамі набліжае да сябе радасць.

Усе праклёны, што тычыліся мяне, ператварыліся ў блаславенствы (мінулыя цяжкасці і паразы абярнуліся на лепшае).