Десятикратный чемпион мира по тайскому боксу из Беларуси: «Пасля цяжкіх баёў я нечакана пачаў казаць на мове»

 
3297
12 августа 2013 в 10:51
Источник: «Звязда». Фото: goals.by
Источник: «Звязда». Фото: goals.by

Виталий Гурков, десятикратный чемпион мира по тайскому боксу, рассказал газете «Звязда» о своей любви к родному языку, Брюсу Ли, Цою и о том, почему белорусов засуживают на международных соревнованиях.

* * *

Я пачаў размаўляць на мове гады тры таму. Пасля вельмі цяжкіх баёў я нечакана для многіх даў каментарый на нацыянальнай мове для тэлебачання. Нават не памятаю, як так адбылося. Проста стаяў перад камерамі і нечакана пачаў казаць на мове. Кажуць, што атрымалася даволі ўдала. Зразумела, многія здзівіліся, калі пачулі гэта па тэлевізары. Я вельмі паважаю тых, хто штодзённа гаворыць па-беларуску, захоўвае нашу мову і культурныя традыцыі. Прыемна, што мяне падтрымалі і мае сябры-спартсмены. Мы, між іншым, часам на трэніроўках робім паўзы і пераходзім цалкам на мову. Атрымліваецца нядрэнная практыка.

Мне ў спрэчках прыходзілася абараняць родную мову. Зазвычай гэта былі спрэчкі з маімі знаёмымі, якія заканчваліся тым, што кожны заставаўся пры сваіх меркаваннях. Але была адна вельмі крыўдная сітуацыя, калі мяне спынілі інспектары ДАІ. Я, зразумела, перасеў да іх у аўтамабіль, пачаў адказваць на пытанні. І тут мой суразмоўца прыадчыніў фортку, спытаў у калегі: «А что, он с тобой тоже разговаривает на белорусском?» Ён атрымаў станоўчы адказ, а пасля задаў мне цэлы шэраг пытанняў: «Зачем на этом мертвом языке говоришь? Я таких, как ты, в 93-м на улице строил!» Ну, я і адказваю, што, па-першае, не такая гэта ўжо і мёртвая мова, калі я на ёй размаўляю, а па-другое, наўрад ці такіх, як я, вы дзесьці там выхоўвалі. І ў гэты момант я паказваю яму «корачку», дзе напісана «заслужаны майстар спорту». Размова адразу набыла крыху іншы характар. Ведаеце, мне было крыўдна ў той момант. Прадстаўнік закону павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы. А калі не можа размаўляць па-беларуску, дык павінен паважаць нашу мову.

У маім дзяцінстве было месца толькі для двух герояў — для Бруса Лі і Віктара Цоя. Брус Лі быў ідалам цэлага пакалення. Мой пакой быў завешаны плакатамі і фоткамі з яго выявай. Я нават запісаўся ў фотагурток, навучыўся рабіць фотакопіі постараў Бруса Лі. Акрамя таго, мяне вельмі натхняла, заварожвала музыка Віктара Цоя. Падабалася, як ён трымаецца на сцэне. Пэўны час у музыцы для мяне існаваў толькі гурт «Кіно». І толькі ўжо ў старэйшых класах я пачаў слухаць «больш цяжкі» рок.

Дрэннае судзейства на сёлетнiм чэмпіянаце Еўропы для мяне сюрпрызам не стала. Проста гэтым разам нахабства арбітраў перайшло ўсе межы. Ёсць выключна палітычныя моманты, калі рэферы прасоўваюць байцоў з краіны, якая прымае міжнароднае спаборніцтва. І існуе зусім нязначны працэнт, што пры роўным баі са спартсменам-гаспадаром перамогу прысудзяць табе. Цікава, што падобнае адбываецца паўсюль, але толькі не ў Беларусі. Помню, як на чэмпіянаце Еўропы па боксе, які прымаў Мінск, суддзі проста не пускалі нашых баксёраў ў наступныя стадыі. Гэта была сапраўдная дзяльба медалёў. Мяркую, трэба мець у міжнародных федэрацыях уласных прадстаўнікоў, якія здолеюць не толькі дапамагаць сваім хлопцам, а зробяць так, каб нам не перашкаджалі нармальна спаборнічаць. Вы толькі ўявіце: на апошнім першынстве Еўропы па тайскім боксе агулам узялі 10 допінг-проб, з якіх 4 належалі беларусам. Гэта ўжо прадузятае стаўленне.